Галоўная Аб нас Гісторыя Таварыства

Гісторыя Таварыства

      Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі (БелТД) — адно са старэйшых грамадскіх аб’яднанняў Беларусі — было створана 7 красавіка 1926 года. Вядома, што ля вытокаў БелТД стаялі слынныя прадстаўнікі нацыянальнай культуры — Янка Купала, Цішка Гартны, Міхась Чарот, якія былі глыбока ўпэўнены, што самы кароткі шлях да паразумення і сяброўства — гэта знаёмства са здабыткамі нацыянальнай і замежнай культуры. 

     Ужо ў самыя першыя гады БелТД былі ўсталяваны кантакты з такімі вядомымі культурнымі цэнтрамі, як Венская нацыянальная і Нью-Йоркская публічная бібліятэкі, Парыжскі інстытут славяназнаўства, Рымскі інстытут вывучэння Усходняй Еўропы. Па запрашэнню Таварыства ў першыя гады яго работы Беларусь наведалі індыйскі паэт і філосаф Рабіндранат Тагор, амерыканскія кінаакцёры Мэры Пікфард і Дуглас Фербенкс, дэлегацыі грамадскасці Бельгіі, Галандыі, Чэхіі, Фінляндыі. З нашай рэспублікай пачалі актыўна знаёміцца жыхары Аўстрыі, Германіі, Францыі, Нарвегіі, Швецыі, Кітая, дзе сіламі Таварыства былі арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя Беларусі і яе культуры. Такі быў пачатак плённых і шматбаковых міжнародных сувязяў, якія былі перапынены Другой сусветнай вайной.

      У пасляваенны перыяд дзейнасць Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі набыла новую якасць. Вядомыя ў свеце прадстаўнікі не аднаго пакалення дзеячоў культуры — Ларыса Александроўская, Рыгор Шырма, Генадзь Цітовіч, Уладзімір Алоўнікаў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Іван Шамякін, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Андрэй Макаёнак, Іван Мележ, Анатоль Вярцінскі, Марыя Захарэвіч, Георгій Паплаўскі і многія іншыя — працягнулі высакародную справу ўзаемапазнання культур і народаў свету праз удзел у рабоце Таварыства. У гэтыя гады БелТД былі ўсталяваны сяброўскія адносіны з грамадскімі арганізацыямі больш як 70 краін свету. Яны сталі прыкметнай з’явай беларускай народнай дыпламатыі як важнага кампанента развіцця грамадзянскіх ініцыятыў.

І. Шамякін, У. Мікуліч, М. Танк у Доме дружбы

С. Станюта, З. Браварская, М. Лужанін у Доме дружбы

       На працягу многіх дзесяцігоддзяў, дзякуючы намаганням Таварыства, паспяхова праводзіліся Дні культуры Беларусі ў Афганістане, Аўстраліі, Аўстрыі, Балгарыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, В'етнаме, Германіі, Зімбабвэ, ЗША, Індыі, Іраке, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Канадзе, Кітае, Мексіке, Нарвегіі, Польшчы, Сірыі, Фінляндыі, Францыі, Швейцарыі, Эфіопіі, Японіі, на Кіпры, Мадагаскары і Шры-Ланцы. А жыхары Мінска, Брэста, Віцебска, Магілёва і іншых беларускіх гарадоў знаёміліся з дасягненнямі замежных майстроў у галінах мастацтва, літаратуры, музыкі ў межах правядзення Дзён культуры Аўстрыі, Балгарыі, Венесуэлы, В'етнама, Германіі, Індыі, Ірака, Ірана, Італіі, Кіпра, Кітая, Кубы, Палесціны, Польшчы, Францыі і Швейцарыі ў Беларусі.

Падчас сустрэчы з замежнай дэлегацыяй

      У 1953 г. Савет Міністраў БССР прыняў рашэнне пабудаваць на вул. Захарава, 28 спецыяльна для Таварыства ўласны будынак, вядомы сёння пад цёплай назвай "Дом дружбы". Аўтарам праекта стаў архітэктар Яўген Заслаўскі, які за арігынальнасць рэалізацыі ідэі атрымаў высокае званне "Заслужаны архітэктар БССР". Будаўніцтва Дома дружбы было завершана ў 1956 г. Галоўная зала была ўпрыгожана нацыянальным пано "Беларускія народныя майстры", аўтарам якога з'яўляецца народны мастак Іван Ахрэмчык (у сааўтарстве з Ісаакам Давідовічам).

Дом дружбы

Пано "Беларускія народныя майстры"

      Сёння Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі працягвае шматгадовыя традыцыі па развіццю народнай дыпламатыі, аб'ядноўвае намаганні людзей па ўмацаванню мастоў дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі свету. Увасабленнем вялікай і ганаровай ідэі, пакладзенай у аснову дзейнасці БелТД, з'яўляецца папулярызацыя сусветных духоўных і культурных здабыткаў праз шматлікія мерапрыемствы рознага кшталту.

Поделиться:
Меню